Прывітанне, тата.
Памятаю, як некалькі год таму прысніў цябе. Такія рэальныя сны можна пералічыць па пальцах. Ты ішоў побач і загадкава ўсміхаўся. Ведаеш, я ніколі ў жыцці цябе такім не бачыў. Радасным. Сапраўдным. Татам. Бо ты заўсёды быў або нейкі заклапочаны, або проста абыякавы. Даруй, што зараз гэта гавару.
Мы ішлі з табой і проста маўчалі. Як жа гэтага маўчання нам з табой заўсёды бракавала... Не таго хто правы, хто вінаваты, хто мацнейшы, а хто мудрэйшы, а проста маўчання. Проста быцця. Быцця бацькам і сынам. Ведаеш, зараз, калі я сам ужо бацька, мне таксама гэтага бракуе. Толькі з другога боку. Мне складана самому быць бацькам для свайго сына. Я бачу, як ён адчайна мяне патрабуе і як мала я магу яму даць, перш за ўсё даць самога сябе. Бо... праца, пагоня за нейкімі дасягненнямі... ці, можа, проста за самім сабой ці, што яшчэ горш, ад самога сябе?..
Я цябе ні віню, тата. Ты быў такі, які толькі мог быць. Найлепшы. Мой. Жывы, пакуль мог жыць. Я ўдзячны табе за тое, што ты мне даў, а яшчэ больш за тое, чаго ты мне даць не паспеў ці проста не змог. Але гэта ў пэўным сэнсе мяне толькі загартавала. Дзякуй табе, тата.
Заўсёды буду памятаць тую тваю ўсмешку. Без слоў, толькі ўсмешку. Памятаеш, што я запытаў тады ў цябе? Я да сёння не магу знайсці адказу на тое пытанне. Веру, што гэта мела сэнс. Ведаеш, твая ўсмешка дае на гэта надзею.
Тата, можна я буду пісаць табе часам? Я ніколі цябе так не называў, але можна цяпер буду?
твой сын. назаўсёды
4 лютага 2022 года
Комментариев нет:
Отправить комментарий